starozyd

 

 

 

 

 

Старажытны перыяд гісторыі Беларусі

(90 тыс. год да н.э. - VIII ст.)

 

Раман Майсэй                                 Карта А. Андэрсана

 

 

 

 

Найдаўжэйшы перыяд ў гісторыі Беларусі і ўсяго чалавецтва, для якога характэрна "біялагічная эвалюцыя чалавека, нізкі ўзровень развіцця вытворчых сіл, цесная ўзаемаабумоўленасць абшчыннных, роднасных і эканамічных сувязей паміж людзмі, калектыўная ўласнасць на сродкі вытворчасці, ураўняльнае размеркаванне сродкаў існавання. Для грамадства былі характэрны бяскласавая структура, нізкае развіццё соцыума, станаўленне і распаўсюджанне родаплемяннога ладу"3(ст.493).

 

Пачынаецца ад часу Вялікіх зледзяненняў і першых спробаў засялення чалавекам тэрыторыі Беларусі і ахоплівае этапы ўзнікнення шматлікіх першабытных культур на працягу існавання першабытнага грамадства. Пасля рассялення індаеўрапейцаў у Еўропе, якое паклала пачатак эпохі металаў, у першабытнай гісторыі Беларусі распачынаецца балцкі перыяд, звязаны з рапаўсюджаннем плямён балцкай супольнасці, дамінаванне якіх працягвалася да з'яўлення славянскіх плямёнаў, якое адбылося ў канцы эпохі.

 

Для жалезнага веку на тэрыторыі Беларусі, якая на працягу эпохі ўваходзіла ў арэал распаўсюджання балцкай супольнасці, было характэрна разнастайнасць і дынамічнасць гістарычных працэсаў на поўдні пры запаволенасці развіцця Паўночнай і Сярэдняй Беларусі, дзе праз усю эпоху не адбывалася асабліва радыкальных этнакультурных змен. Як традыцыя выкарыстання жалеза, так і вызваныя ёй наступныя перамены ў грамадстве там адбываліся праз некалькі сот год, пасля таго як падобныя працэсы адбываліся ў паўднёвай частцы Беларусі.

 

 

Ранні перыяд жалезнага веку
Каля IX ст. да н.э. - IV ст. да н.э. - гальштацкі перыяд жалезнага веку ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе
VIII-VII ст. да н.э. - сяр. 1-га тысячагоддзя да н.э. - ранні перыяд жалезнага веку на тэрыторыі Беларусі

 

Каля рубяжа 2-га і 1-га тысячагоддзяў да н.э. у Еўропе распачалася вытвочасць жалеза. Першым еўрапейскім рэгіёнам, дзе пазнаёміліся з традыцыяй атрымання і апрацоўкі жалеза была Грэцыя і Эгейскія астравы, куды яна трапіла з Пярэдняй Азіі. Дзесці на пачатку VII ст. да н.э. грэкі і этрускі перанеслі гэтую традыцыю ў Паўднёвую і Цэнтральную Італію, адкуль яна праз Альпы пачала распаўсюджвацца па Еўропе.a Налажванне вытворчасці і апрацоўкі жалеза ў Еўропе часткова супалі з распаўсюджаннем гальштацкай культуры, якая размяшчалася ў Цэнтральнай Еўропе і на Балканах (900 - 400 год да н.э.) і якая дала назву ранняму перыяду жалезнага века ў Цэнтральнай і Заходняй Еўропе, а таксама з пранікненнем праз поўдзень сучаснай тэрыторыі Расіі ў Цэнтральную Еўропу качавых плямён скіфаў.a

 

Лічыцца, што асваенне вытворчасці жалеза на тэрыторыі Беларусі распачалося ў VIII-VII ст. да н.э. і было звязана з распаўсюджаннем на поўдні Беларусі і поўначы Украіны мілаградскай культуры, да якой традыцыя жалезавытворчасці магла трапіць ад скіфскіх плямён.2 (ст.250) Праз скіфаў маглі таксама адбывацца кантакты з грэчаскімі гарадамі-полісамі.3 (ст.100) Развіццю мясцовай вытворчасці спрыяла наяўнасць сыравіны, у якасці якой служыла балотная і азёрная руда (буры жалязняк), адклады якой маюцца па ўсёй тэрыторыі Беларусі, а таксама адносна нескладаная тэхналогія варкі жалеза. 1 (ст.86)

 

Выкарыстанне жалеза карэнным чынам змяніла характар вядзення гаспадаркі і паўплывала на жыццёвы лад тагачаснага грамадства. Зямляробства і жывёлагадоўля канчаткова заняло дамінуючае становішча. Выкарыстанне жалезных прыладаў працы давала магчымасць значна павялічыць плошчы, занятыя пасевамі, палепшыць якасць апрацоўкі глебы, і ў выніку атрымоўваць значна большыя ураджаі, забяспечваць прадуктамі харчавання людзей і грамадскі статак і, акрамя таго, стварыць пэўныя запасы, што пачало ствараць умовы для паступовага разлажэння родавага ладу жыцця,1 (ст.87) першым этапам чаго быў працэс распадзення родаў на вялікія патрыярхальныя сем'і1 (ст.115). Удасканаленне апрацоўкі дрэва палепшыла якасць домабудаўніцтва і прывяло да вытворчасці сродкаў транспарту, што паўплывала на пашырэнне тавараабмену. З ростам прадукцыйнасці працы ў асобных родаў і плямён назапашвалася маёмасць, што вяло да войнаў з мэтаю грабежніцтва і заняволяння. Для абароны сябе і сваёй маймасці насельніцтва пачало сяліцца ў цяжкаадаступных забалочаных месцах і ў лясах, умацоўваючы свае паселішча рвамі і землянымі валамі. Так узніклі гарадзішчы, якія сталі асноўнымі тыпамі паселішчаў на працягу амаль усёй эпохі жалеза.1 (ст.87)

 

Але адзачаныя перамены ў ранні перыяд жалезага веку адбываліся толькі на поўдні Беларусі, і былі звязаны з развіццём мілаградскай культуры. На тэрыторыі Сярэдняй і Паўночнай Беларусі, дзе пражывалі плямёны культуры штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай культуры, яшчэ не валодалі вытворчасцю жалеза і неабходныя ва ўсіх сферах жыццця рэчы выраблялі пераважна з камяню, косці і рога.1 (ст.99) Паселішча не мелі абарончых умацаванняў і уяўлялі сабой адкрытыя селішчы і амаль не адрозніваліся ад эпохі бронзы.1 (ст.97) Паводле этнічнай прынадлежнасці насельніцтва ўсіх трох культур Беларусі лічыцца балцкім, якое узнікла як вынік развіцця культуры насельніцтва бронзавага веку,1 (ст.100) хаця адносна мілаградскай культуры існуе таксама меркаванне лічыць яе насельніцтва славянскім.2 (ст.428) На паўднёвым захадзе Беларусі сустракаюцца сляды насельніцтва лужыцкай культуры, якое магло пранікнуць сюды з няжняга Пабужжа яшчэ ў канцы бронзавага веку.3 (ст.101)

 

У духоўным жыцці як і ў бронзавую эпоху, у гэты перыяд пераважвалі рэлігійныя вераванні, звязаныя з земляробчымі культамі, з абагаўленнем нябесных свяцілаў і агню, з культам якога быў звязаны звычай крэмацыі.3 (ст.97)

 

 

 

 

Канец жалезнага веку
IV - VI стст. - эпоха вялікага перасялення народаў у Заходняй і Цэнтральнай Еўропе

 

У 2-й палове IV ст. цюркскае племя гунаў, якое прыйшло з далёкіх азіяцкіх стэпаў уварвалася ў Прычарнамор'е, што дало пачатак "Вялікаму перасяленню народаў", якое ў V стагоддзі амаль цалкам перайначыла этнічную і палітычную карту Еўропы.3 (ст.120) У склад міграцыі стэпавых качэўнікаў уваходзілі акацыры, альтцыягіры і балгары. Нашэсце гунаў вымусіла везеготаў адысці ў межы Рымскай імперыі, а астраготы і падначаленыя ім народы ўвайшлі ў новую протадзяржаву ўзначаленую гунамі. На поўдні Усходняй Еўропы на месцы зніклай чарняхоўскай супольнасці пачалі утварацца пражская і пьянькоўская культура.7 (ст.37)

 

На тэрыторыі Беларусі першымі наступствы новага гістарычнага працэсу адчула на сабе насельніцтва культуры штрыхаванай керамікі, на якіх адбіліся тры хвалі міграцыі: з захаду і Паўночна-Заходняй Польшчы. Першая хваля адбылася ў III-IV стст. і прывяла да знікнення ва Усходняй Літве культуры штрыхаванай керамікі і з'яўленні там помнікаў культуры ўсходнелітоўскіх курганаў,1 (ст.105) якая, паводле сучасных уяўленняў, утварылася шляхам асіміляцыі культуры штрыхаванай керамікі прышэльцамі з захаду - носьбітамі культуры шурпатай керамікі.9 (ст.62)Ю. Бохан, Г. Галенчанка, В. Голубеў і інш. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Другі том. Мінск, "Современная школа", "Экоперспектива", 2008.. На рубяжы IV-V стст. другая хвалі міграцыі прывяла да знікнення культуры штрыхаванай керамікі ў частцы басеіна Віліі і каля возера Свір і з'яўленні там новай культуры. Пад час трэцяй хвалі, якая адбылася ў першай палове V ст. сфарміравалася культура пскоўскіх доўгіх курганаў, якую адныя даследчыкі лічаць славянскай культурай, другія, улічваючы этнічную прынадлежнасць культур, праз якія адбывалася міграцыя, адносяць да балтаў.1 (ст.105)

 

Ваенныя набегі сталі звыклай з'явай, таму мясцовае насельніцтва, нягледзячы на наяўнасць плямянной арганізацыі і дружыны, было вымушана узводзіць умацаваныя сховішчы ці выкарыстоўваць пакінутыя старыя гарадзішчы,1 (ст.117) пры тым, што асноўным тыпам паселішча ў сярэдзіне 1-га тысячагоддзя становяцца невялікія неўмацаваныя селішчы.1 (ст.108) У большасці выпадкаў на адным гарадзішчы-сховішчы знаходзіла паратунак насельніцтва даволі значнай акругі1 (ст.118)

 

У астатняй частцы арэала культуры штрыхаванай керамікі, днепра-дзвінскай, кіеўскай і вельбарскай культур жыццё працягвалася да сярэдзіны V ст, калі ў выніку навалы качэўнікаў на поўдні Усходняй Еўропы і вызванай ёй хвалі міграцыі, яны спынілі сваё існаванне.1 (ст.105)

 

 

Пачатак рассялення славян
Kан. V - 1-я пал. VI стст. - Пачатак рассялення славян ва Усходняй Еўропе

 

Лічыцца, што аддзяленне славянскага этнасу ад індаеўрапейскай супольнасці адбылося каля V ст.a З пашырэннем у 2-й чвэрці V ст. улады гунаў да сярэдняга Падунаўя продкі славян пачалі шырокае рассяленне. Першапачатковае месца лакалізацыі славянскай культуры не высветлена і адной з верагодных версій аб вытоках славян лічыцца іх сувязь з кіеўскай культурай і з венетамі. З перасяленнем астраготаў з Прычарнамор'я на Сярэдні Дунай працэс славянскага перасялення набыў асаблівы размах. У пакінутым абшары чарняхоўскай культуры на мяжы V-VI стст. праз кароткі час пачалі ўтварацца новыя, блізкія між сабой пражская і пьянькоўская культура, насельніцтва якіх з візантыйскіх пісьмовых крыніц было вядома як склавены, якія ўяўлялі сабой заходнюю групу славян, і анты - усходнія славяне.4 (ст.37)Лічыцца, што у гэты час яны займалі тэрыторыю Прыкарпацця, вярхоўяў Днястра і правабярэжжа сярэдняга Падняпроўя.a

 

З V ст. большую частку тэрыторыі Цэнтральнай Беларусі паміж Верхнім Панямоннем і Беразіной, а таксама беларускае Падзвінне займалі плямёны банцараўскай культуры. На ўсходзе суседзямі банцараўскіх плямён было насельніцтва тушамлінскай культуры, якое жыло у верхнім цячэнні Дняпра. Тэрыторыі на паўднёвы захад ад тушамлінскай культуры былі занятыя плямёнамі калочынскай культуры.3 (ст.35) Падабенства гэтых трох культур паказвае, што ў гэты перыяд на тэрыторыі Беларусі адбывалася уніфікацыя культур жалезнага веку, межы распаўсюджання якіх былі максімальнна блізкія да пазнейшых этнаграфічных межаў рассялення беларусаў.6 (ст.16) На тэрыторыі ўсходняй і паўднёва-усходняй Літвы і паўночна-заходняй Беларусі (ад сярэдняга цячэння Нёмана на захадзе да воз. Свір на ўсходзе) развівалася балцкая культура ўсходнелітоўскіх курганаў2 (ст.627), якая, паводле сучасных уяўленняў, утварылася ў IV-V стст. шляхам асіміляцыі культуры штрыхаванай керамікі прышэльцамі з захаду - носьбітамі культуры шурпатай керамікі.8 (ст.62)Ю. Бохан, Г. Галенчанка, В. Голубеў і інш. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Другі том. Мінск, "Современная школа", "Экоперспектива", 2008.

 

Этнічная прыналежнасць банцараўскай, тушамлінскай і калочынскай культур застаецца канчаткова не высветленным. Прысутнасць як балцкіх так і славянскіх помнікаў у межах культур дае падставу адным даследчыкам лічаць іх балцкімі, другім - славянскімі. Існуе таксама версія аб першапачатковай прыналежнасці ўсіх трох культур да балтаў, якія ў ходзе маруднага перасялення славянскіх плямёнаў пераймалі славянскія традыцыі і часткова асіміліраваліся находнікамі. У выніку чаго "мясцовыя культуры набылі заўважны двуэтнічны характар з перавагай балцкіх элементаў у банцараўскай і тушамлінскай культурах і выразным славянскім уплывам у культуры калочынскай".3 (ст.36)

 

Візантыйскія пісьмовыя крыніцы сведчаць, што ў славян на пачатку іх рассялення яшчэ захоўваўся радавы лад жыцця і што ў іх існавала рабства і гандаль рабамі.1 (ст.132) На чале роду стаяў старэйшына - самы стары і паважаны прадстаўнік роду.1 (ст.135)

 

 

 

Што да прыладдзе банцараўскай культуры, то паміж навукоўцамі няма адзінага меркавання. Адны лічаць яе балцкай, іншыя - славянскай. Адбываецца гэта ад таго, што пры раскопках у матэрыяльнай культуры выяўляюцца прыкметы культуры і славянскай, і балцкай.

 

 Прыхільнікам першай гіпотэзы з'яўляецца расійскі археолаг В.Седов. Ён стварыў тэорыю субстратного паходжанні беларусаў. Пад балцкім субстратам (ад лацінскага тэрміна - аснова, падшэўка) разумеецца этнакультурнае насельніцтва балцкага этнаса, які аказаў уплыў на фармаванне беларускай народнасці. Прыхільнікі гэтай тэорыі сцвярджаюць, што ў выніку славянізацыі балцкага насельніцтва, змешванні з ім славянскага, адбылося аддзяленне часткі ўсходне -славянскай народнасці, што прывяло да станаўлення беларускай мовы і народнасці.

 

 Іншыя даследнікі сцвярджаюць, што рассяліўшыся на тэрыторыях, якія раней займалі балцкія плямёны, славяне часткова адціснулі іх, часткова знішчылі. І толькі невялікія астраўкі балтаў, якія верагодна падпарадкаваліся славянам, захаваліся ў Падзвінні, Верхнім Падняпроўі. Але за балтамі засталіся правабярэжжа сярэдняга Панёмання і некаторыя часткі тэрыторыі паміж Нёманам і Прыпяццю.  Няма выразнага агульнапрызнанага меркавання ў даследнікаў і па пытаннях фармавання племянных звязаў, якія складалі аснову беларускага, рускага і ўкраінскага этнасаў. Адны мяркуюць, што ў выніку інтэнсіўнага засваення славянамі тэрыторыі Беларусі, дзе раней жылі балты, у VIII - IX стст. склаліся этнічна блізкія паміж сабой племянныя звязы: крывічы, дрыгавічы, радзімічы, часткова валыняне. На іх аснове ўтварыўся старабеларускі этнас. У яго фармаванні прынялі ўдзел яцвягі і некаторыя іншыя балцкія плямёны.

 

 Продкі ўсходніх славян, якія рассяліліся ў прыпяцкім Палессі, асімілявалі балцкія плямёны. У выніку на тэрыторыі, якую займалі прыдняпроўскія балты, паўсталі ўсходнеславянскія плямёны дрыгавічы, крывічы, радзімічы - продкі сучасных беларусаў. На тэрыторыі, дзе раней жылі іранскія плямёны, рассяліліся паляне, дрэўляне, паўночнікі, валыняне - продкі сучасных украінцаў. Асіміляцыя фінаўгорскіх плямёнаў прывяла да ўзнікнення наўгародскіх славян, вяцічаў, часткова верхняволжскіх крывічаў - продкаў сучасных рускіх.

 

 

 

 

1-я хваля рассялення славян
2-я пал.
VI - сяр. VII стст. - 1-я хваля рассялення славян на тэрыторыі Беларусі

 

У VI ст. на прасторах Усходняй Еўропы заступілі авары, якія ў сярэдзіне VI ст. перасяліліся на сярэдні Дунай, адкуль яны падпарадкавалі частку балгараў і славян, якіх выкарыстоўвалі ў сваіх войнах з Візантыяй. У гэты час тэрыторыя рассялення славян працягвала павялічвацца "дзякуючы наяўнасці вялікіх незаселеных абшараў у Цэнтральнай Еўропе, адкуль папярэдняе германскае насельніцтва перасялілася ў барбарскія каралеўствы на тэрыторыі былой Заходняй Рымскай Імперыі".4 (ст.37) У заходнім напрамку славяне мігравалі да Віслы і Эльбы.a Вядома нават, што ў 623 г. на заходняй перыферыі Аварскага каганата была створана протадзяржава, якой амаль адзінымі насельнікамі былі славяне.4 (ст.37) Частка славян рушыла на ўсход і дайшла да вярхоўяў Дняпра, а пасля да Дона, Акі і Ладажскага возера.1 (ст.132)

 

http://spadczyna.com/history/img/2_slavic/006x.jpg

Пальчатыя фібулы (зашпількі) з гарадзішча Нікадзімава (Горацкі р-н). V-VIII стст. (Абласны краязнаўчы музей. Магілёў)
Фота з сайту memorial.iatp.by

 

Пранікненне на землі ўсходніх балтаў на тэрыторыі Беларусі адбывалася з розных напрамкаў, з якіх найважнейшы быў паўднёвы. Найстаражытнейшыя бясспрэчныя славянскія помнікі на беларускіх землях былі знойдзены на поўдзень ад Прыпяці і належалі да пражскай культуры. У цэнтры, на ўсходзе і поўначы Беларусі славяне прынялі ўдзел у фарміраванні і развіцці банцараўскай, тушамлінскай і калочынскай культур. Адбывалася пранікненне славян і ў беларускае Пабужжа. Працэс рассялення славян на поўначы Беларусі быў звязаны з культурай доўгіх курганоў у Беларускім Падзвінні. Перасяленне славян ў глыб заселяных балтамі земляў на першым этапе насіла збольшага мірны характар.3 (ст.37-39)

 

Беларускае Панямонне засталася незакранутым на гэтым этапе славянскай міграцыі. Левабярэжжа Нёмана засялялі балцкія плямёны культуры каменных курганаў, а на правабярэжжа і ў верхнім цячэнні Віліі была распаўсюджана культура ўсходнелітоўскіх курганаў.3 (ст.37-38)

 

Паступова ў славян адбываўся працэс разлажэння радавых адносін. Паводле візантыйскіх пісьмовых крыніц у славян у VI - VII стст. вызначаліся тры сацыяльныя групы. Першая - група свабодных і раўнапраўных абшчыннікаў, якія складалі выключную большасць родаплемянных славянскіх аб'яднанняў. Другая - рабы, і трэцяя - кіруючая вярхушка - племянная славянская знаць. Існавалі як малыя сем'і, так і вялікія - патраніміі.1 (ст.133)

 

image048

http://viol.narod.ru/images/krviola/bell/drevnie_rusi.jpg

 

2-я хваля рассялення славян
Кан.
VII - пач. IX стст. - 2-я хваля рассялення славян на тэрыторыі Беларусі

 

Працяг вялікіх перасяленняў ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе, патрэба у асваенні новых тэрыторый а таксама ваенная дзейнасць авараў, далі ў канцы VII ст. новы штуршок перасяленню славян у глыбіню балцкіх земляў. Славянская міграцыя на Беларускія землі адбывалася па ранейшых напрамках. У перасяленні брала ўдзел насельніцтва лука-ракавецкай культуры, якая ў VIII ст. змяніла пражскую. Рухаючыся з поўдня на поўнач уверх па цячэнні Беразіны і правабярэжжы Дняпра, а таксама перайшоўшы Прыпяць, прадстаўнікі культуры пачалі засяляць яе левабярэжжа. У левабярэжжы Дняпра ўздоўж басеіна Сажа рухаліся на поўнач прадстаўнікі яшчэ адной славянскай культуры - раменскай.3 (ст.39-40)

 

У параўнанні з папярэдняй хваляй перасяленняў, у гэты перыяд рух славян на балцкія землі адбываўся з частымі ўзброеннымі сутыкненнямі з-за ворнай зямлі і матэрыяльных каштоўнасцяў. Найбольшы націск славян прыйшоўся на басеін Дняпра, дзе жылі плямёны падняпроўскіх калочынскай і тушамлінскай культур, гарадзішчы якіх, паводле археалагічных дадзеных, загінулі ў полымі ў выніку нападаў чужынцаў, якімі не заўсёды былі славяне. Знаходкі наканечнікаў аварскіх стрэл сведчаць аб актыўным удзеле авараў у выцясненні або падпарадкаванні балцкіх культур. Перасяленне на тэрыторыі занятыя банцараўскімі плямёнамі мела больш мірны характар, хоць таксама не абыходзілася без сутычак. Між тым канфлікты на беларускіх землях у час перасялення славян мелі міжабшчнны, а не этнічны характар, гэта значыць яны узнікалі не паміж славянамі і балтамі, а паміж абшчынамі, незалежна ад іх этнічнай належнасці.3 (ст.39-42)

 

Захоп новых зямель выклікаў змены ў сацыяльнай структуры славянскіх плямён, што праявілася ў першую чаргу ў памнажэнні багацця ваенна-племянной вярхушкі. У выніку маёмасна-сацыяльнага расслаення фарміруяцца асобная палітычная арганізацыя, органамі кіравання якой з'яўляліся вярхоўны правадыр, савет старэйшын і народны сход, які складаўся з усіх свабодных мужчын, здольных насіць зброю. Такая форма арганізацыі грамадства і яго кіравання атрымала назву "ваеннай дэмакратыі", якая была характэрнай як для славян так і для балтаў і з'яўлялася формай пераходнага перыяду да классавага грамадства і да ўтварэння дзяржавы.1 (ст.134

 

 

Утварэнне племянных саюзаў
VIII - X стст. - перыяд утварэння племянных аб'яднанняў на тэрыторыі Беларусі

 

Вынікам шматвякавога як мірнага, так і ваеннага ўзаемадзеяння паміж славянамі і балтамі, паступовага змешвання находнікаў з карэнным насельніцтвам стала утварэнне новых міжплемянных супольнасцяў. Сведчаннем балцка-славянскага сімбіёзу служыць спалучэнне ў адных помніках як балцкіх так і славянскіх рысаў.6 (ст.18) Маючы славянамоўны характар, племянныя аб'яднанні арганічна спалучалі элементы духоўнай і матэрыяльнай культуры славян і балтаў.3 (ст.42) У аснове гэтых аб'яднанняў ляжалі не столькі родаплемянныя, колькі тэратарыяльныя, эканамічныя і палітычныя сувязі. Адзінства мовы, культуры, грамадскай структуры і тэрыторыі дазваляе вызначыць племянныя саюзы як протанароднасці. Разам з тым яны з'яўляліся протадзяржавамі, альбо пачатковымі дзяржавамі, якія ў летапісе называюцца "княжаннямі".1 (ст.136)

 

Раннясярэднявечныя пісьмовыя крыніцы з ліку ўсходнеславянскіх плямёнаў, якія жылі на тэрыторыі Беларусі, называюць дрыгавічаў, крывічаў і радзімічаў, якія пры агульным усходнеславянскім абліччы мелі шэраг спецэфічных рысаў, з якіх праз тысячагоддзе найбольш паказальнымі з'яўляліся адрозненні ў жаночых упрыгожваннях і пахавальным абрадзе.6 (ст.18)

 

Крывічы займалі значныя абшары Усходняй Еўропы і жылі ў вярхоўях Дняпра, Заходняй Дзвіны, Волгі і на поўдні Чудскага Возера. У канцы I тыс. гэта вялізнае аб'яднанне распалася на групы - полацкую, смаленскую і пскоўскую.1 (ст.138) Дрыгавічы засялялі землі ад Прыпяці да лініі Заслаўе - Лагойск - Барысаў. На ўсходзе яны былі абмежаваныя дняпром, а на захадзе - Выганаўскімі балотамі. На поўначы Беларускага Палесся дрыгавічы перанялі ўсю культуру балцкага насельніцтва. Радзімічы займалі басейн Сожа да левага берага Дняпра.6 (ст.19)

 

Каланізацыя Панямоння была распачата з X ст. Разам з плямёнамі крывічаў і дрыгавічаў туды памкнуліся валыняне і драўляне. Аднак асіміляцыя балтаў у Панямонні ішла вельмі марудна, і гэты рэгіён заставаўся змешанай балта-славянскай зонай яшчэ праз некалькі стагоддзяў.6 (ст.19)

 

 

http://spadczyna.com/history/img/2_slavic/007x.jpg

 


 

Літаратура

  1. В. Вяргей, І. Ганецкая, М. Гурын. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Першы том. Мінск, ВП "Экаперспектыва", 2000.
  2. Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск: "Беларуская энцыклапедыя" імя Патруся Броўкі, 1993.
  3. Чарняўскі М. М. Ілюстраваная гісторыя старадаўняй Беларусі: Першабытны перыяд. Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2003.
  4. Дзяржаўны музей БССР. Альбом. Мінск: "Беларусь", 1986.
  5. Генадзь Сагановіч. Нарысы гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. Мінск: "Энцыклапедыкс", 2001.
  6. Гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветных цывілізацый. Вучэбны дапаможнік. У дзвюх частках. Частка 1. Мінск: "БДПУ ім. М. Танка", 2007.
  7. Вялікі гістарычны атлас Беларусі (у 3-х тамах). Том 1. Мінск, "Белкараграфія", 2009.
  8. Я.К. Новік, І.Л. Качалаў, Н.Я. Новік. Гісторыя Беларусі. Ад старажытных часоў - па 2008 г. Мінск: "Вышэйшая школа", 2009.
  9. Ю. Бохан, Г. Галенчанка, В. Голубеў і інш. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Другі том. Мінск, "Современная школа", "Экоперспектива", 2008.
  10. Ягор Новікаў. Ваенная гісторыя беларускіх земляў да канца XII стагоддзя (том 1). Мінск: выд. "І. П. Логвінаў", 2007.

 

Матэр'ялы ў Інтэрнэце

  1. Железный век. Энциклопедия Кругосвет.
  2. Шадыро В.И. Белорусско-литовско-латышское порубежье в эпоху железа и раннего средневековья.
  3. Pradzieje ziem polskich: epoka zelaza.
  4. Гальштатская культура. Словари и энциклопедии на Академике.
  5. Гальштатская культура. Материал из Википедии — свободной энциклопедии.
  6. Латенская культура. Словари и энциклопедии на Академике.
  7. Латенская культура. Материал из Википедии — свободной энциклопедии.
  8. Шадыро В. И. Белорусско-литовско-латышское порубежье в эпоху железа и раннего средневековья (этнокультурные аспекты).
  9. Древние славяне. Материал из Википедии — свободной энциклопедии.
  10. Восточные славяне в древности. Проект "Информатизация системы образования"
  11. Штыхов Г.В. Формирование полоцких кривичей.
  12. Славянизация белорусских земель. (belhistory.ru).
  13. Вадим Иосифович Шадыро. Белорусско-литовско-латышское порубежье в эпоху железа и раннего средневековья. (этнокультурные аспекты)
  14. Maria Miskiewicz. Jak wedrowali slowianie?

 


Originally published at: http://spadczyna.com/b_his_1.htm 

 

 

 

 

 

 

back